Ткацтва
Экспанатамі пакоя з'яўляюцца ткацкія кросны, калекцыя радюшак, ручнікоў і паясоў мясцовых майстрых.
Ткацтва – гэта асноўны від рамяства на Шчучыншчыне. Яно займала в жыцці вялікае месца. Каб мець неабходную для ткацтва сыравіну, трымалі авечак, вырошчвалі лён. Таксама, выкарыстоўвалася пакупная сыравіна – шаўковыя і сінтэтычныя ніці. Асабліва шмат часу прыходзілася ўдзяляць апрацоўцы ільну. Пралі і ткалі пераважна зімой і ў пачатку вясны. Калі не было шмат сельскагаспадарчых работ. Прывучалі да ткацтва з маленства. Шасці-сямігадовыя дзяўчынкі ўжо маглі выконваць розныя незамыславатыя даручэнні: намотвалі ніці на шпулькі – “цэўкі” ці на матавідла, сачылі за клубкамі, каб тыя ў час снавання не раскатваліся, выпляталі тасёмачкі. 14-15-гадовыя дзяўчынкі ўжо ўмелі ткаць.
Тут вы можаце познаёміцца з радзюшкамі, характэрнымі для Шчучынскага раёна. Вытканы яны рукамі мясцовых майстрых.
Радзюшкі пераважна ткалі палатнянай ці шматнітавай тэхнікамі ткацтва ў 2-3 полкі з ільняных або шарсцяных нітак (ці шарсцяным утком па ільняной аснове), арнамент быў пераважна паласаты ці клятчасты, ваздоблены стылізаванымі расліннымі матывамі.
Выкарыстоўваўся раней і выкарыстоўваецца зараз для накрывання, засцілання ложкаў, у якасці дываноў і коўдраў.
Ткалі жанчыны і рушнікі. Рушнік выкарыстоўваўся ў штоддзённым жыцці, на святах, як абярэг і г.д. Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу і сучаснасці. Па-ранейшаму ручнік абавязкова прысутнічае ў найбольш важных, пераломных этапах жыццёвага шляху чалавека.
Ручнікі з’яўляліся важнай часткай пасагу дзяўчыны. Колькасць іх залежыць ад матэрыяльнага становішча сям’і.
На Шчучыншчыне аддавалася перавага пераборнаму двухбаковаму ткацтву і чатырохнітоваму двухуточнаму. Ніз ручніка заўсёды аздабляўся карункамі з белых баваўняных нітак.
Немагчыма не спынніца каля поясоў. Пояс - неад’емная частка беларускага нацыянальнага аддзення. Спосаб насіць пад пояс трывала захоўваўся ў сялянскім асяроддзі яшчэ ў першых дзесяцігоддзях 20 стагоддзя. З’яўленне на людзях без пояса лічылася непрыстойнасцю, навыхаванасцю, дрэнным тонам. Выраз “распаясаўся “ якраз бярэ пачатак у той час у культурным асяроддзі з адпаведнымі бытавымі звычаямі, маральнымі каштоўнасцямі і адносіцца да неахайнага чалавека, які неадэкватна сябе паводзіць у грамадскіх месцах. Пояс насілі мужчыны і жанчыны, сяляне і шляхта. Ткалі паясы шырынёй ад 2 да 30 см, а даўжынёй да 3-х метраў. Затканыя чырвонымі, ружовымі, блакітнымі, зялёнымі, бардовымі ніткамі, яны мелі на канцы дэкараваныя махры, ці кутасы. Паясы былі тканыя, вітыя, вязаныя.
Паясы з’яўляліся неабходнымі атрыбутамі шматлікіх абрадаў і звычаяў. Іх дарыла нявеста свайму жаніху напярэдадні і ў час вяселля; іх бралі з сабою, ідучы ў адведкі да жанчыны, што станавілася маці, імі спавівалі немаўлят. На другі дзень пасля вяселля пояс неслі да студні і пакідалі там разам з кавалкам каравая. Пояс быў для чалавека свайго роду талісманам і суправаджаў яго ад нараджэння да глыбокай старасці і смерці.
На сённяшні час мала хто займаецца вырабам паясоў у нас на Шчучыншчыне. Але ўсё ж такі ёсць адна сям’я, якая падтрымлівае гэту справу. Сям’я Накладовічаў, якая жыве ў Скрыбаўцах: Ала Сцяпанаўна, яе муж, Юрый Станіслававіч і дзве дачкі асвоілі некалькі тэхнік стварэння паясоў. Цесна супрацоўнічаюць з аддзелам рамеснай і народнай творчасці.