top of page

Невядомае пра Немэна

Таямніца старога дома

“Ёсць такі дом...” — cпяваў у адным са сваіх шлягераў наш знакаміты зямляк, польскі рок-музыкант ХХ стагоддзя нумар адзін Чэслаў Немэн, відавочна настальгуючы па родным гняздоўі сваёй сям’і ў Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне. І менавіта ў гэтым месяцы ёсць нагода згадваць яго імя часцей: 16 лютага дзень яго нараджэння. Да апошняга традыцыйна прымеркаваная паездка аматараў і знаўцаў творчасці Немэна ў клуб-музей (а па сутнасці — даўно ўжо дом-музей) у Старых Васілішках. Сёлета галоўнай падзеяй гэтай выправы стала ўнікальная знаходка.


Але спачатку крыху пра месца дзеяння. У доме, пабудаваным дзедам Немэна ў пачатку ХХ стагоддзя, будучы вялікі музыкант Чэслаў Выджыцкі (сапраўднае прозвішча артыста) нарадзіўся, тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, адсюль ён з сям’ёй эміграваў у Польшчу ў 1958 годзе. Амаль 60 гадоў таму. Яму тады было дзевятнаццаць. У доме спачатку жыла іншая сям’я, потым там змясцілася сельская прадуктовая крама, а пасля дом яшчэ гадоў з дзесяць пуставаў і разбураўся.Разам з тым, ужо прызнаны і знакаміты, лаўрэат і кавалер многіх ганаровых званняў і ўзнагарод, Немэн не аднойчы прыязджаў у родную вёску, у родную хату. Яго сувязь з радзімай не перарывалася ніколі. І ён з сумам згадваў у сваіх успамінах пра дом, што ў печы, дзе ён так любіў грэць рукі, і праз гады не было той самай цэглы, якую гаспадары — ён з бацькам — не паспелі дакласці. І фортка па-ранейшаму падпёртая сучком. Вось так і не стала ў доме гаспадара. Не стала ў доме любові. Не стала Духу.Музей Чэслава Немэна і мемарыяльную дошку афіцыйна адкрылі ў лютым 2011 года да дня нараджэння Немэна. Як клуб для аднавяскоўцаў ён пачаў працаваць раней — 1 жніўня 2010 года. Спустошанае часам і людзьмі сямейнае гняздо Выджыцкіх стала ажываць. Старадаўні дом напоўніўся музыкай, гасцямі, тут зноў загучаў голас Чэслава. Сюды вярнуліся Памяць і Любоў.Дырэктар музея Уладзімір Сянюта зрабіў і робіць вялікую працу, каб ратаваць дом ад разбурэння і напаўняць яго экспанатамі. У гэтым яму дапамагае невялікая група мінчан, верных прыхільнікаў таленту, асобы і лёсу Чэслава Немэна, і захопленыя супрацоўнікі Шчучынскага райвыканкама. Праз такое шматбаковае спрыянне ў экспазіцыі з’явіліся піяніна і гітара, арыгіналы рэдкіх фотаздымкаў, копіі дакументаў і малюнкаў, зробленых рукой Чэслава. Аднавяскоўцы і сябры дзяцінства знакамітага земляка прынеслі ў музей прадметы побыту і інтэр’еру, якія калісьці былі тут і якія Выджыцкія не змаглі, з’язджаючы, узяць з сабой. Некаторыя экспанаты знайшліся на закінутым гарышчы стогадовага дома.У сёлетні дзень нараджэння Чэслава Немэна, 16 лютага, у клубе-музеі адбыўся вечар успамінаў, а праз два дні ў Васілішкаўскім Доме культуры паказалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Яго жыццё — музыка”. Наіўна, кранальна, шчыра, традыцыйна. Можна было б сказаць, што ўсё было як і заўсёды. Ды не зусім.Кожны вялікі творца — заўсёды таямніца і заўсёды адкрыццё. І ў жыцці заўжды ёсць месца цуду. Можна стукнуць абцасам аб зямлю — і заб’е нафтавы фантан. Можна узмахнуць рукавом — і з яго вылецяць лебедзі. А можна... У адзін з гэтых лютаўскіх немэнаўскіх вечароў сталічныя госці зноў залезлі на гарышча дома і адкапалі пад тоўстым культурным пластом пацярухі напаўспарахнелы сшытак па рускай мове вучня 6 класа Васілішкаўскай школы Чэслава Выджыцкага. А яшчэ яго ноты — полькі і партыі кларнета, фатаграфіі, малюнкі, негатывы. Няўжо гэта не дзіва? Значыць, Духу дома ўсё ж прыйшліся даспадобы яго госці-заўсёднікі, і ён добразычліва падзяліўся з намі сваімі таямніцамі.P.S. Падобна на тое, давядзецца падзяліцца яшчэ адной таямніцай і мне. Невялікай. Нашай, чалавечай. Або сакрэтам. Або сюрпрызам. Старадаўні арган канца XVIII стагоддзя са Старавасілішкаўскага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла цалкам адрэстаўраваны па ініцыятыве і пры ўдзеле ўсё той жа групы прыхільнікаў не толькі Немэна — шырэй: Старых Васілішак, Беларусі, яе культуры. Як толькі пацяплее, пачнецца яго мантаж. А ўвосень да вялікага свята ў гонар Чэслава Немэна, чый бацька быў касцельным арганістам і наладчыкам, у касцёле плануецца першы канцэрт арганнай музыкі. Ужо маюцца заяўкі на ўдзел у канцэртах ад вядомых арганістаў Еўропы. Рэдкі інструмент зноў велічна загучыць усімі сваімі рэгістрамі, перагукнецца з вечнасцю голасам, які ў раннім дзяцінстве натхніў Чэсіка Выджыцкага стаць Чэславам Немэнам.

Избранные посты
На этом языке пока нет опубликованных постов
Когда посты будут опубликованы, вы увидите их здесь.
Недавние посты
Архив
Поиск по тегам
Тегов пока нет.
Мы в соцсетях
  • Facebook Basic Square
  • Twitter Basic Square
  • Google+ Basic Square
bottom of page